|
|  |
Адроджаны
з попелу
|
Капітуляцыяй
гітлераўскай Германіі і імперыялістычнай Японіі ў 1945 годзе
скончылася Вялікая Айчынная і другая сусветная вайна. Народам
Савецкага Саюза неабходна было залечваць нанесеныя ёю раны,
аднаўляць знясіленую ліхалеццем эканоміку, адраджаць з попелу
гарады, населеныя пункты, прадпрыествы, калгасы і саўгасы. І
разам з тым ва ўмовах "халоднай вайны", якая нараджалася
ў гэты час, трэба было ўмацоўваць абараназдольнасць краіны.
Адразу ж пасля заканчэння вайны палявому ўпраўленню
3-га Беларускага фронта была пастаўлена задача на фарміраванне
ўпраўлення Баранавіцкай ваеннай акругі. У ліпені 1945 года з
г.Фрыдланда (Усходняя Прусія), дзе ў той час размяшчаўся штаб
фронту, у нашу рэспубліку выехала спецыяльная аператыўная група.
У яе задачу ўваходзіла вывучэнне тэрыторыі і раёнаў размяшчэння
войскаў, наладжванне сувязі з мясцовымі партыйнымі і савецкімі
органамі.
9 ліпеня 1945 года вылучэннем з Беларуска-Літоўскай
ваеннай акругі, утворанай у студзені 1945 года (уключала тэрыторыю
БССР і Літоўскай СССР, упраўленне - у Мінску, камандуючыя -
генерал-лейтэнант Якаўлеў В.Ф., затым - Шэвалдзін Т.І.), былі
ўтвораны Баранавіцкая і Мінская ваенныя акругі. Баранавіцкая
ўключала ў сябе тэрыторыю Баранавіцкай, Брэсцкай, Гродзенскай,
Пінскай, Бабруйскай, Палескай і Гомельскай абласцей (упраўленне
- у Бабруйску). Мінскі - тэрыторыю Мінскай, Полацкай, Маладзечанскай
і Магілёўскай абласцей (упраўленне - у Мінску).
4 лютага 1946 года Баранавіцкая і Мінская ваенныя
акругі былі аб'яднаны ў адну акругу - Беларускую, якая ўключала
ў сябе ўсю тэрыторыю рэспублікі. Штаб акругі спачатку размяшчаўся
ў Бабруйску, а са студзеня 1947 года - у Мінску. Камандуючым
БВА быў назначаны камандуючы войскамі Баранавіцкай ВА Маршал
Савецкага Саюза Цімашэнка С.К., членам Ваеннага савета - генерал-лейтэнант
Бабійчук Г.П., начальнікам штаба - генерал-палкоўнік Іваноў
С.І.
Увосень 1945 - зімою 1946 гадоў першачарговай задачай
кіраўніцтва акругі стала размяшчэнне асабовага складу, арганізацыя
нармальнага быту, стварэнне элементарных умоў для баявой вучобы.
Нягледзячы на вялізныя намаганні войскаў і дапамогі з боку ўрада,
вырашыць гэту задачу аказалася нялёгка. На месцы добраўпарадкаваных
ваенных гарадкоў, якімі да вайны славіліся БВА, тырчалі закопчаныя
каробкі будынкаў або валяліся кучы бітай цэглы. Ваеннаслужачых
тэрміновай службы размяшчалі ў палатках і зямлянках. У першую
чаргу рамантаваліся і будаваліся казармы, дамы для афіцэраў,
клубы, склады, абсталёўваліся паркі, вучэбныя палі, палігоны
і танкадромы.
Не менш важным, але цяжкім для рашэння, было наладжванне
харчавання ў стацыянарных умовах. Аднак ужо з 1 лютага 1946
года было забаронена рыхтаваць ежу ў паходных кухнях, а ў красавіку
на акружной канферэнцыі па пытаннях харчавання адзначалася,
што ў пераважнай большасці гарнізонаў нармальна працуюць салдацкія
сталовыя. Дарэчы, па рэкамендацыі канферэнцыі ў часцях БВА менавіта
тады прыступілі да стварэння падсобных цяплічна-парніковых гаспадарак.
Ваеннаслужачыя не толькі адбудоўвалі ўласныя гарадкі,
але і аказвалі дапамогу народу рэспублікі ў аднаўленні разбуранай
вайной гаспадаркі. Гітлераўцы спалілі 209 гарадоў і раённых
цэнтраў, 9200 сёл, разбурылі тысячы вялікіх і малых прамысловых
прадпрыемстваў, дашчэнту абабралі беларускія калгасы і саўгасы.
Шмат прамысловага абсталявання, іншых каштоўнасцей, у тым ліку
культурных, было вывезена ў Германію. Агульная падліковая матэрыяльная
страта, нанесеная рэспубліцы, склала 75 мільярдаў рублёў (у
цэнах 1941 года).
Увесь Савецкі Саюз дапамагаў Беларусі. Бясконцым
патокам ішлі ў рэспубліку эшалоны з металам, станкамі, абсталяваннем,
турбінамі, электраматорамі, будаўнічымі матэрыяламі. Дзякуючы
ўпартай працы беларускага народа, народная гаспадарка БССР была
адноўлена за няпоўныя шэсць гадоў, ужо да канца 1950 года прамысловасць
рэспублікі па выпуску валавай прадукцыі пераўзышла даваенны
ўзровень на 15 працэнтаў. У гэту гіганцкую работу ўнеслі свой
уклад і воіны БВА.
Па-ўдарнаму працавалі часці і падраздзяленні на
будаўніцтве і аднаўленні мастоў, чыгунак і шасейных дарог, пракладцы
ліній сувязі. Па рашэнні Ваеннага савета БВА мясцовым органам,
прадпрыемствам, калгасам і саўгасам бязвыплатна была перададзена
значная колькасць механізмаў, павозак, абсталявання, будаўнічых
матэрыялаў, а таксама 1300 галоў жывёлы і болей 7000 коней.
Было адноўлена і перададзена ў народную гаспадарку Беларусі
і іншых рэспублік болей за 12 тысяч аўтамабіляў. Пачынаючы з
восені 1945 года, салдаты. сяржанты і афіцэры акругі актыўна
бралі ўдзел у сельскагаспадарчых работах.
Яшчэ адной важнай задачай, якую паспяхова рашылі
воіны БВА, стала размініраванне тэрыторыі рэспублікі. Вайна
двойчы вогненным валам пракацілася па баларускай зямлі. І таму
палі, лясы, дарогі, населеныя пункты, вадаёмы аказаліся да краю
нашпігаванымі разнастайнымі тыпамі мін, "сюрпрызамі",
фугасамі, авіябомбамі, снарадамі і гранатамі, якія не ўзарваліся.
Таму адразу ж пасля вайны пачалося суцэльнае размініраванне
беларускай зямлі.
На працягу многіх месяцаў сапёры здымалі міннаўзрыўныя
загароды на быўшых абарончых рубяжах па рэках Сож, Проня, Днепр,
Беразіна, Неман у раёнах Віцебска, Оршы, Магілёва, Быхава, Бабруйска,
Гомеля. За перыяд з 1945 па 1948 год сапёрамі акругі было праверана
36 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі Беларусі, 4824 кіламетры
дарог. За гэты ж час яны знялі і абясшкодзілі болей за 10 мільёнаў
мін, авіябомбаў, снарадаў, фугасаў. За гэту працу многія салдаты,
сяржанты і афіцэры былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.
Не менш адказную работу выканалі байцы і камандзіры артылерыйска-тэхнічнай
службы. Яны ліквідавалі дзесяткі трафейных складоў боепрыпасаў
у Віцебску, Сянно, Талачыне і ў многіх іншых населеных пунктах.
К 1 лістапада 1946 года было рассартавана і знішчана
300 тысяч небяспечных у абыходжанні снарадаў і мін.
Усяго ж за пасляваенны перыяд сапёры Беларусі абясшкодзілі
і знішчылі больш 27 мільёнаў розных тыпаў боепрыпасаў.
У аснову навучання і выхавання асабовага складу
акругі ў пасляваеннны перыяд быў пакладзены прынцып "вучыць
войскі таму, што неабходна на вайне". Большасць афіцэраў,
якія камандаваілі ў тыя гады часцямі і падраздзяленнямі акругі,
мелі франтавы вопыт. У стралковых часцях, напрыклад, удзельнікі
Вялікай Айчыннай вайны складалі 95,8 %, у бранятанкавых і механізаваных
войсках - 87 %, у артылерыі - 91,2 %, у часцях і ўстановах тылу
- 84,7 % усіх афіцэраў.
У 1948 годзе ў акругу прыбыла першая група выпускнікоў
Акадэміі Генеральнага штаба і акадэміі імені М.Ф.Фрунзе.
Роля афіцэраў, якія атрымалі вышэйшую ваенную адукацыю
і мелі сур'ёзны баявы вопыт, была ў тыя гады выключна высокая.
Першы навучальны год ва ўмовах мірнага часу пачаўся
з 1 студзеня 1946 года. Праграма баявой падрыхтоўкі, якая была
вызначана камандуючым ваеннай акругі, патрабавала выхоўваць
моцных, лоўкіх, вынослівых воінаў, якія ўмеюць дзейнічаць на
полі бою ў розных умовах, валодаюць штыком, гранатай, лапатай,
дасканала ведаюць сваю зброю і трапна страляюць з яго. У падрыхтоўцы
стралковых падраздзяленняў упор быў зроблены на навучанне дзеянням
у блізкім баі сумесна з іншымі радамі войскаў.
Завяршальным этапам першага года вучобы з'явілася
агульнавайсковае вучэнне, якое адбылося ўвосень 1946 года. Маршал
Савецкага Саюза Конеў І.С., які прысутнічаў на ім, даў высокую
ацэнку дзеянням шэрагу часцей і падраздзяленняў.
1 мая 1946 года ў Мінску адбыўся першы пасляваенны
парад. Камандаваў парадам генерал-лейтэнант Сабеннікаў П.П.,
а прымаў яго камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі генерал-палкоўнік
Трафіменка С.Г.
Мерапрыемствы па паслядоўнай рэарганізацыі войскаў
у асноўным былі завершаны к 1948 году.
|
|
| Развіццё
КБВА ў гады "Халоднай вайны" |
|
|
|
 |
|