|
|  |
Вялікая
Айчынная вайна на тэрыторыі Беларусі
|
Трываласць
арміі была праверана суровай рэчаіснасцю Вялікай Айчыннай вайны.
22 чэрвеня 1941 года на базе Заходняй асобай ваеннай акругі
быў створаны Заходні фронт. У яго склад увайшлі 3, 4, 10, 13-я
арміі.
Затым у розны час у складзе фронту былі і іншыя
арміі. Камандуючымі Заходнім фронтам былі: генерал арміі Паўлаў
Д.Г. (чэрвень 1941 г.), генерал-лейтэнант Яроменка А.І. (чэрвень
- ліпень 1941 г.). Маршал Савецкага Саюза Цімашэнка С.К. (ліпень
- верасень 1941 г.), генерал-палкоўнік Конеў І.С. (верасень
- кастрычнік 1941 г., жнівень 1942 г. - люты 1943 г.), генерал
арміі Жукаў Г.К. (кастрычнік 1941 г. - жнівень 1942 г.), генерал
арміі Сакалоўскі В.Д. (люты 1943 г. - красавік 1944 г.), генерал-палкоўнік
Чарняхоўскі І.Д. (красавік 1944 г.).
З першых дзён вайны войскі Заходняга фронту прынялі
на сябе ўдар перавышаючых сіл ворага. Яны вялі цяжкія абарончыя
баі ў Беларусі (абарона Брэсцкай крэпасці, Брэста, Мінска, Магілёва,
Віцебска, Гомеля), наносілі контрудары пад Гроднам, Віцебскам
і інш., удзельнічалі ў Смаленскай бітве, абарончых аперацыях
на подступах да Масквы, у контрнаступленні пад Масквой. Летам
1943 г. ўдзельнічалі ў Курскай бітве, Смаленскай аперацыі.
2 4 красавіка 1944 г. Заходні фронт быў перайменаваны
ў 3-і Беларускі, яго левае крыло - у 2-і Беларускі, 3-м Беларускім
фронтам камандавалі генерал арміі Чарняхоўскі І.Д. (красавік
1944 г. - люты 1945 г.), Маршал Савецкага Саюза Васілеўскі А.М.
(люты - красавік 1945 г.), генерал арміі Баграмян І.Х. (красавік
- жнівень 1945 г.). Войскі 3-га Беларускага фронту ўдзельнічалі
ў аперацыях "Баграціён" і ва Усходне-Прускай.
У вогненныя гады геройскі і самааддана праявіла
сябе мужнае пакаленне Гастэла, Заслонавых, Осіпавых, Смірновых.
Пакаленне, якое вынесла на сваіх плячах неймаверны цяжар навязанай
нам вайны. Пакаленне, якое выстаяла і перамагло.
Бессмяротны подзвіг Савецкага салдата, партызана,
падпольшчыка, працаўніка тылу. Гэта яны, загінуўшыя і жывыя,
вядомыя і безыменныя, якія насмерць стаялі ў абароне, бясстрашна
хадзілі ў агонь атак, суткамі не пакідалі свайго рабочага месца,
аддалі ўсе свае сілы, а часам і жыццё, і ёсць сапраўдныя творцы
Перамогі.
Фронт і тыл, маладых і старых, жанчын і дзяцей,
людзей розных нацыянальнасцяў на пяць гадоў аб'яднаў палымяны
заклік "Усё для фронту, усё для Перамогі !" У гэтым
кароткім закліку быў увесь сэнс жыцця пакалення 40-х.
1113 жахлівых дзён і начэй працягвалася вайна на
тэрыторыі Беларусі. Але ўвесь гэты час вораг не ведаў спакою
ні днём, ні ноччу. Зямля гарэла пад нагамі вылюдкаў-захопнікаў
і іх хаўруснікаў, ляцелі ў паветра камунікацыі і склады, гарэлі
на зямлі варожыя самалёты і танкі.
Асобых слоў народнай падзякі і векавой памяці заслугоўваюць
салдаты, афіцэры і генералы праслаўленых у баях Беларускіх франтоў.
Гэта яны, сумесна з партызанамі, правялі бяспрыкладную ў сусветнай
ваеннай практыцы аперацыю "Баграціён" па вызваленні
Беларусі.
Тысячы і тысячы салдат Беларускіх франтоў, сыны
ўсіх народаў, якія насялялі СССР, праславілі сябе ў баях за
гонар Радзімы, яе свабоду і незалежнасць. Доблесць салдат была
бяспрыкладнай. Высокімі ўрадавымі ўзнагародамі адзначана іх
самаадданая ратная праца, а каля 700 воінаў, якія здзейснілі
выдатныя подзвігі, сталі Героямі Савецкага Саюза.
Баявыя ордэны ўпрыгожылі Сцягі многіх злучэнняў і часцей, якія
прымалі ўдзел у вызваленні нашай Радзімы.
Слава вызваліцеляў беларускіх гарадоў адлюстравана
ў ганаровых найменнях, якія і да гэтага часу з гонарам носяць
злучэнні і часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У полымі грозных бітваў на Заходнім фронце нарадзілася і навекі
праславіла сябе Савецкая гвардыя, 60-годдзе якой Узброеныя Сілы
Рэспублікі Беларусь адзначылі восенню гэтага года. Яе слава,
вопыт і баявыя традыцыі і сёння з'яўляюцца гонарам арміі, высокім
прыкладам для пераймання, узорам у барацьбе за авалоданне вышынямі
баявога майстэрства, складаным мастацтвам перамагаць у сучасным
баі. |
Партызанскі
рух у Беларусі |
|
|
 |
|